Мая родная мова, ганаруся табой!
Родная мова - гэта культура i спадчына народа, гэта яго сэрца. Галоўнае, каб кожны з нас, беларусаў, усвядомiў, што мова – гэта, сапраўды, наша багацце. Захапленне гісторыяй роднай краіны, любоў і павагу да беларускай мовы трэба выхоўваць з дзяцінства. Менавіта таму, ў нашай ДУА “Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці №11 г.Ваўкавыска” асаблівая ўвага надаецца выхаванню павагі да беларускай мовы, да традыцый беларускага народа.
21 лютага - Міжнародны дзень роднай мовы. Мы не маглі не звярнуць увагу на такую важную дату і прымеркавалі да гэтай падзеі - наведванне ДУК “Раённая дзіцячая бібліятэка”.
Якой цікавасцю гарэлі вочы нашых хлопчыкаў і дзяўчынак! З якой увагай яны слухалі расповед бібліятэкара пра чароўны свет літаратуры, разглядалі кнігі, слухалі беларускія казкі, адгадвалі загадкі на роднай мове, прымалі ўдзел у гульні “Чароўны мяшэчак”, знаёміліся з нацыянальнымі касцюмамі нашых продкаў, глядзелі займальную прэзентацыю “Беларусь – мой родны край!” Пабываўшы на такім пазнавальным і цікавым мерапрыемстве, нашы дзеці прыйшлі да высновы, што беларуская мова - самая прыгожая, мілагучная і шчырая, што мы абавязкова будзем вучыцца размаўляць на ёй. Дзіця, якое з маленства шануе традыцыі сваіх продкаў, гаворыць па-беларуску, паважае сваіх бацькоў, пранясе такія адносіны да роднай мовы праз усё жыццё. І маем надзею, што новыя пакаленні маленькіх беларусаў будуць размаўляць на роднай мове, паважаць і шанаваць яе!